СТАЦЫЯНА́РНЫ СТАН у фізіцы,
стан фіз. сістэмы, пры якім значэнні асн. яе характарыстык (параметраў стану) не мяняюцца з цягам часу. Напр., вагальная сістэма знаходзіцца ў С.с., калі амплітуда і частата ваганняў застаюцца пастаяннымі. С.с. квантавамеханічнай сістэмы характарызуецца пастаянным значэннем яе энергіі, адкрытай тэрмадынамічнай сістэмы — пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі. Стан сістэмы наз. квазістацыянарным, калі велічыні, пры пастаянстве якіх ён быў бы стацыянарным, павольна мяняюцца; пры гэтым суадносіны паміж рознымі параметрамі сістэмы застаюцца прыблізна такімі ж, як і ў С.с.
т. 15, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)